Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/36

Гэта старонка была вычытаная

Тут пачалося нешта жудаснае: змаганне гарматы з кананірам, паядынак паміж рэччу і чалавекам.

Чалавек стаў у куце, трымаючы напагатове ганшпуг і вяроўку з пятлёй. Абапёршыся спіной аб сценку, растапырыўшы свае моцныя, быццам сталёвыя ногі, ён урос у падлогу і, збялелы, але трагічна спакойны, чакаў.

Ён чакаў моманту, калі гармата пранясецца каля яго.

Кананір ведаў сваю гармату, і яму здавалася, што і яна ведае яго: даўно ўжо яны жылі разам. Колькі разоў ён засоўваў руку ёй у горла! Гэта быў яго прыручаны звер. І чалавек загаварыў з гарматай, як з сабакам.

— Сюды, сюды! — клікаў ён яе.

Можа ён любіў яе. Здавалася, яму хочацца, каб яна падбегла да яго.

Але падбегчы да яго для яе азначала наляцець на яго. І каб гэта здарылася, ён загінуў-бы. Як гэтага ўнікнуць? Як зрабіць, каб яна яго не раздушыла?

Усе глядзелі на іх, затаіўшы дыханне. Толькі адзін стары пасажыр здаваўся спакойным; апрача двух байцоў, толькі ён яшчэ быў на палубе, нібы секундант пры смяротным паядынку.

Ён і сам рызыкаваў быць расціснутым, але не варушыўся.

А пад імі сляпая вадзяная стыхія кіравала барацьбой.

У той момант, калі кананір, уступаючы ў гэтую страшную рукапашную бойку, кінуў выклік гармаце, калыханне выпадкова, па капрызу мора, на міг прыпынілася, і каранада замерла на месцы, нібы азадачаная.

— Ідзі-ж! Ідзі! — паўтараў чалавек.