Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/37

Гэта старонка была вычытаная

Яна, здавалася, прыслухоўвалася.

І раптам рынулася на яго. Ён ухіліўся ад удара.

Завязалася барацьба. Баец з цела і касцей біўся з бронзавым зверам.

Усё гэта адбывалася ў змроку. Гэтая каласальная саранча то стукалася аб нізкую столь батарэі, то зноў падала на свае чатыры колы, як тыгр на ўсе чатыры лапы, і зноў пачынала ганяцца за чалавекам. А ён, спрытны, гнуткі, як яшчарка, выкручваўся ад гэтых ярасных нападаў. Ён унікаў адкрытай сутычкі, але ўдары, ад якіх ён ухіляўся, траплялі на сцены карвета і разбуралі іх далей.

Гармата валакла за сабой абрывак ланцуга. Нейкім чынам ён абматаўся вакол шруба на казённай яе частцы. Другі канец застаўся прымацаваным да лафета, а гэты, вольны, шалёна матляўся вакол гарматы, ад чаго падскокі яе рабіліся яшчэ больш небяспечнымі. Шруб трымаў яго, як у моцна сціснутым кулаку, а ніжні яго канец узмацняў удары тарана, шалёным віхрам круцячыся вакол гарматы, нібы жалезная пуга ў меднай руцэ. Гэты абрывак ланцуга ўскладняў барацьбу.

Але чалавек змагаўся. Бывалі нават хвіліны, калі ён пераходзіў у наступ. З ганшпугам і вяроўкай напагатове ён прабіраўся ўдоўж барта, выбіраючы момант. І гармата, нібы зразумеўшы яго хітрыкі, уцякала ад яго. А ён настойліва гнаўся за ёй следам.

Такая барацьба не магла цягнуцца доўга. Гармата, здавалася, раптам сказала сабе: «Досыць. Трэба канчаць» і спынілася. Адчувалася набліжэнне развязкі. Гармата яшчэ вагалася, але, здавалася, была ўжэ гатова (для ўсіх акаляючых яна была жывой істотай) прыняць нейкае рашэнне. Раптам яна кінулася на кананіра. Той адскочыў, прапусціў яе міма сябе і крыкнуў