Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/38

Гэта старонка была вычытаная

ёй са смехам: «Сарвалася! А ну, паспрабуй яшчэ!» Гармата, нібы раззлаваўшыся, падбіла каранаду на левым борце, потым, нібы запушчаная нябачнай прашчой, рынулася на правы борт, прама на чалавека, які зноў адскочыў. Тры каранады былі пашкоджаны штуршкамі азвярэлай махіны. Нібы сляпая, сама не ведаючы, што рабіць, яна раптам павярнулася задам да чалавека, пакацілася наперад, збіла форштэвень і ледзь не зрабіла прабоіны ў насавой частцы судна. Чалавек схаваўся ў кут ля трапа, за некалькі крокаў ад старога пасажыра, трымаючы напагатове ганшпуг. Гармата нібы заўважыла гэта: не патурбаваўшыся нават павярнуцца, яна панеслася на чалавека заднім ходам са шпаркасцю апускаемай сякеры. Прыціснуты ў кут між бортам і сходнямі, ён, здавалася немінуча загінуў. Крык жаху вырваўся з вуснаў усёй каманды.

Але тут стары пасажыр, які стаяў да гэтага часу нерухома, кінуўся насустрач гармаце са спрытнасцю, незвычайнай для яго гадоў. Схапіўшы па дарозе вязку асігнацый і рызыкуючы быць расціснутым, ён кінуў яе прама пад колы лафета. Гэты смелы і небяспечны манеўр быў выкананы спрытна, з дакладнасцю і ўмельствам, якім пазайздросціў-бы нават чалавек, добра ведаючы як абыходзіцца з марскімі гарматамі.

Пак адыграў ролю перашкоды. Каранада нібы спатыкнулася. Тады кананір быстра прасунуў свой жалезны брус паміж спіц бліжэйшага задняга кола лафета. Гармата спынілася.

Яна нахілілася набок. Чалавек сваім ганшпугам, як рычагом, дапамог ёй перакуліцца. Нібы звон са званіцы, грукнула цяжкая маса на падлогу. Чалавек, абліваючыся потам, кінуўся на яе і зачапіў мёртвую пятлю за шыю пераможанага бронзавага страшылла.

Усё было скончана, Чалавек перамог.