Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/40

Гэта старонка была вычытаная

плыло па волі ветру. Карвет адхіліўся ад курса і апынуўся паўднёвей, чым трэба было. Цяпер яго больш не абаранялі берагі Джэрсея і Гернсея: ён апынуўся без прыкрыцця ў бурлівым моры. Вялікія валы лізалі яго адкрытыя раны: то была небяспечная ласка. Хваляванне рабілася пагражальным. Лёгкі берагавы вецер пераходзіў у шторм. Насоўваўся шквал, можа нават бура. За пятнаццаць крокаў нічога не было відаць.

Пакуль каманда сяк-так, з большага, папраўляла пашкоджанні на сярэдняй палубе, затыкала прабоіны і размяшчала ў баявым парадку ўцалелыя гарматы, стары пасажыр падняўся наверх.

Ён стаяў там, прысланіўшыся спіною да грот-мачты.

Задумаўшыся, ён не заўважыў, што на карвеце адбываецца нейкі незвычайны рух. Шэвалье, дэ-Ла-В'ёвіль загадаў салдатам марской пяхоты выстраіцца па абодвух баках грот-мачты, а матросы, якія ўдзельнічалі ў гэтым манеўры, па свістку боцмана размясціліся, стоячы, на рэях.

Граф дзю-Буабертло наблізіўся да пасажыра.

За ім ішоў чалавек у падраным адзенні, разгублены, з ашалелым поглядам, але ўсё-ж такі задаволены.

Гэта быў кананір, што перамог гармату.

Граф па-вайсковаму вітаў старога ў сялянскім убранні і сказаў:

— Генерал, вось гэты чалавек.

Кананір стаяў, выцягнуўшыся ў фронт і скромна апусціўшы вочы.

Граф дзю-Буабертло казаў далей:

— Генерал, ці не знаходзіце вы, што ўчынак гэтага чалавека заслугоўвае ўзнагароды?

— Так, знаходжу, — адказаў стары.