Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/43

Гэта старонка была вычытаная

Па знаку графа Буабертло два матросы спусціліся ўніз і хутка вярнуліся з саванам. За імі ішоў карабельны поп, які з часу адплыцця стаяў на малітве ў афіцэрскай каюце. Сержант вылучыў з ліку салдат, стаяўшых са стрэльбамі каля грот-мачты, дванаццаць чалавек і выстраіў іх у дзве шарэнгі, па шэсць у кожнай. Асуджаны, не сказаўшы ні слова, стаў паміж імі. Поп з распяццем у руцэ вышаў наперад і падышоў да яго.

— Марш! — скамандаваў сержант.

Узвод ціхім шагам накіраваўся к носу карабля. Матросы з саванам ішлі ззаду. Цішыня смерці панавала на карвеце. У моры роў ураган.

Праз некалькі мінут у цемры бліснула святло, грукнуў ружэйны залп, потым усё сціхла, а затым пачулася, як плюхнула ў ваду цела.

Пасажыр стаяў усё ў той-жа позе, прысланіўшыся да мачты, скрыжаваўшы рукі і думаючы сваю думу.

Буабертло паказаў на яго пальцам Ла-В'ёвілю і шапнуў:

— Нарэшце, Вандэя мае галаву.

9 = 380

Але што чакала карвет?

Хмары, якія на працягу ночы бадай што зліваліся з хвалямі, цяпер спусціліся так нізка, што зусім закрылі гарызонт. Усё мора было нібы пад цёмнай павалакай. Навакол не было нічога, апрача імглы і туману. Такое становішча пагражала-б гібеллю нават непашкоджанаму судну. Да туману далучылася хваляванне.

Каманда не траціла часу дарма. Карвет быў палегчаны.