Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/44

Старонка праверана

Выкінулі ў мора ўсё, што толькі можна было сабраць пасля разгрому, зробленага каранадай: падбітыя гарматы, паламаныя лафеты, кавалкі адарванай унутранай абшыўкі, абломкі дрэва і жалеза. Адчынілі гарматныя адтуліны і спусцілі на дошках у ваду загорнутыя ў брэзенты трупы забітых.

Змагацца з морам рабілася ўсё цяжэй. Бура не была ўжо такая вялікая: наадварот, ураган на гарызонце пачаў сцішацца і адыходзіць на поўнач. Але марскія валы не змяншаліся.

Пашкоджанае судно не магло доўга супраціўляцца моцным штуршкам, і кожная вялікая хваля магла быць для яго пагібельнай.

Гакуаль задумліва стаяў ля руля.

Сустракаць небяспеку з бесклапотным тварам — звыклая манера камандзіраў караблёў; лоцманы яе не прызнаюць.

Ла-В’ёвіль належаў да ліку тых людзей, якія захоўваюць весялосць нават у няшчасці.

— Ну, што, лоцман, шторм, відаць, асекся? — сказаў ён. — Яму вельмі хацелася чхнуць, ды не выгарэла. Усё абыйдзецца. Будзе вецер. Вось і ўсё.

Гакуаль адказаў сур’ёзна:

— Вецер падымае хвалю.

Маракі не любяць ні смяяцца, ні сумаваць. У адказе лоцмана адчуваўся, аднак, трывожны сэнс. Для судна, маючага цечу, вялікая хваля азначае, што яно лёгка можа напоўніцца вадой. А Гакуаль яшчэ падкрэсліў сваё злавеснае прараканне пахмурым рухам брывёй.

Ла-В’ёвіль адчуў, што трэба стаць сур’ёзным.

Ён задаў пытанне лоцману, а адказ атрымаў ад гарызонта.