Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/45

Гэта старонка была вычытаная

Пакрывала туману, павіслае над вадой, раптам разарвалася, і вачам адкрылася ўзбаламучаная цёмная паверхня мора.

Неба здавалася суцэльным дахам з хмар. Але хмары не даходзілі да гарызонта: на ўсходзе прабівалася палоска бялясага святла — праракальнік надыходзячага дня; на захадзе яшчэ віднелася бледнае святло толькі што зайшоўшага месяца.

На фоне гэтых двух светлых палос вызначаліся прамыя і нерухомыя чорныя сілуэты.

На захадзе, дзе свяціў месяц, відаць былі тры высокія скалы.

На ўсходзе, ля самага гарызонта, у бледным змроку світання вырысоўваліся восем караблёў, якія грозна выстраіліся ў лінію, на роўнай адлегласці адзін ад другога.

Тры скалы былі падводныя камні; восем караблёў — французская эскадра.

За кармой карвета былі скалы Ле-Менк'е, якія мелі дурную славу; перад ім — варожы флот.

На захадзе — смерць у марскім бяздонні, на ўсходзе — смерць у бойцы. Няроўны бой або крушэнне — іншага выбару не было.

Для барацьбы са скаламі карвет мог выставіць толькі прадзіраўленыя бакі, папсаваныя снасці, ды расхістаныя ў асновах мачты; для барацьбы з ворагам — батарэю, у якой з трыццаці гармат заставалася дзевяць і ўсе лепшыя кананіры былі забітыя.

Раніца толькі што пачала займацца на зару, і да світання было яшчэ далёка. Ноч магла працягнуцца яшчэ больш, бо цемната залежала галоўным чынам ад хмар, чорных і густых, якія стаялі высока і мелі выгляд суцэльнага шчыльнага скляпення.