Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/46

Гэта старонка была вычытаная

Вецер, які рассеяў ніжнія хмары, гнаў карвет на Ле-Менк'е. Няшчаснае судна амаль не слухалася руля і ўжо не ішло, а кацілася па капрызу ветру і хваляў.

Грозны рыф Ле-Менк'е ў той час быў яшчэ больш небяспечны, як цяпер. З тых часоў мора несупыннай работай прыбою паспела злізаць многія з вежаў гэтай натуральнай марской цытадэлі. Абрысы скал безупынна мяняюцца. Мора — гэта піла, якая ніколі не стамляецца рэзаць, і з кожным прыбоем гэтая піла робіць новы надрэз на ўцёсах. У тыя часы блізка падыйсці да Ле-Менк'е значыла загінуць.

А восем караблёў на ўсходзе былі той самай Канкальскай эскадрай, якая пазней праславілася пад камандай капітана Дзюшэна.

Становішча карвета было крытычнае. У часе перапалоху ён адхіліўся ад першапачатковага курса і ішоў цяпер больш на Гранвіль, як на Сен-Мало. Каб нават ён і мог манеўраваць і несці ўсе парусы, ён усёроўна не мог-бы вярнуцца ў Джэрсей, бо дарогу на Джэрсей яму загарадзіла Ле-Менк'е. А падыйсці да французскага берага перашкаджала эскадра.

Аднак, буры не было: была толькі «хваля», як казаў лоцман. Мора, якое падганяў свежы вецер і якое сустракала на сваім шляху перашкоду ў выглядзе рыфаў, бушавала не на жарт.

Мора ніколі не выяўляе адразу сваіх намераў. Усю ноч карвет «Клэймор» змагаўся з туманам і рыхтаваўся сустрэць шквал. Але мора ашукала яго: яно пужала бурай і нанесла яго на рыф. Наперадзе было таксама крушэнне, толькі ў другой форме.

— Тут караблекрушэнне, там бітва! — усклікнуў Ла-В'ёвіль. — Шах і мат з абодвух бакоў.

Знясілены карвет быў ва ўладзе стыхій.