Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/47

Гэта старонка была вычытаная

У бледным, рассеяным святле надыходзячага дня, у чарнаце хмар, у невыразных, цмяных абрысах гарызонта, у таямнічым грукаце хваль было нешта ўрачыста-хаўтурнае. Усё навакол маўчала, толькі вецер злосна скуголіў.

Катастрофа надыходзіла велічна і спакойна. Ніякага руху сярод скал, ніякага руху на караблях. Ціша гіганцкая, усеабдымная. Не верылася, што карвету пагражае рэальная небяспека. Здавалася, марыва праносіцца над морам.

Граф Дзю-Буабертло ціхім голасам даў нейкі загад Ла-В'ёвілю, які зараз-жа спусціўся ў памяшканне батарэі. Потым ён узяў падзорную трубу і стаў на карме побач з лоцманам.

Усе намаганні Гакуаля сканцэнтраваліся на тым, каб утрымаць карвет супроць хваляў, бо, каб яго падхапіла збоку ветрам і хваляваннем, яно немінуча перакулілася-б.

— Лоцман, дзе мы знаходзімся? — запытаў капітан.

— Каля Ле-Менк'е.

— З якога боку?

— З самага небяспечнага.

— Якое тут дно?

— Скалістае.

— Можна стаць на шпрынг?

— Памерці заўсёды можна, — адказаў лоцман.

Капітан накіраваў падзорную трубу на захад і паглядзеў на рыф, потым павярнуўся на ўсход і пачаў лічыць далёкія караблі.

Усяго было восем суднаў, размеркаваных у баявым парадку. Іхнія профілі выразна выступалі над вадой. Пасярэдзіне можна было разгледзець высокі корпус трохпалубнага карабля.