Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/48

Гэта старонка была вычытаная

Капітан пачаў распытваць лоцмана:

— Ведаеце вы, якія гэта судны?

— А як-жа-ж, — адказаў Гакуаль. — Гэта эскадра.

— Французская?

— Д'ябальская.

Пасля некаторага маўчання, капітан спытаўся:

— Тут усе іхнія крэйсеры?

— Не, не ўсе.

— Так, праўда, — успомніў капітан — у эскадру ўваходзяць шаснаццаць суднаў, а тут толькі восем.

— Рэшта бадзяецца вунь там, удоўж усяго берагу і шпіёняць, — сказаў Гакуаль.

Капітан, не адрываючыся ад падзорнай трубы, прамармытаў:

— Трохпалубны карабль, два фрэгата першага ранга і пяць другога.

— Я таксама шпіёніў за імі, — прамовіў Гакуаль.

— Добрыя судны, — заўважыў капітан. — Я сам камандаваў такімі.

— А я іх бачыў зблізу, — сказаў Гакуаль. — Ужо-ж я не памылюся, не прыму адно за другое. Усе іх адзнакі сядзяць у мяне ў галаве.

Капітан перадаў яму падзорную трубу.

— Зірні: ці бачыш ты высокі карабль пасярэдзіне?

— Так, камандзір, гэта «Залаты Бераг».

— Ну але, яны яго перахрысцілі, — сказаў капітан. — Раней ён называўся «Бургундскія Штаты». Новае судно. Сто дваццаць восем гармат.

Ён дастаў з кішэні запісную кніжку з алоўкам і напісаў у ёй лічбу 128. Затым зноў спытаў:

— А як называецца першае судно налева ад карабля?

— «Вопытны».