Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

менш сфарміраваны так добра, што і да гэтага часу лічацца ўзорнымі: нашы лінейныя роты фарміруюцца па гэтаму ўзору, зменены толькі суадносіны між лікам салдат і унтэр-афіцэраў.

28 красавіка Парыжская комуна[1] дала валанцёрам загад: «Нікога не шкадаваць, нікому не дараваць». Пад канец мая з дванаццаці тысяч салдат, вышаўшых з Парыжа, восем тысяч было забіта.

Батальён, што ўвайшоў у Содрэйскі лес, трымаўся напагатове. Ішлі не спяшаючыся. Пазіралі і направа і налева, і наперад і назад. Нездарма сказана: «У салдата вочы павінны быць і на патыліцы». Ішлі ўжо вельмі даўно. Каторая магла быць гадзіна? Якая пара дня? Цяжка было сказаць: у гушчары такіх дзікіх лясоў заўсёды пануе вячэрні змрок, і ў Содрэйскім лесе ніколі не было светла.

Содрэйскі лес меў трагічную славу. Тут, у гэтых нетрах, у лістападзе 1792 года пачалася грамадзянская вайна. З гушчару гэтага лесу вышаў кульгавы бандыт Мускетон. Валасы ўздымаюцца ўгару, калі падумаеш, колькі тут было забойстваў. Няма на свеце месца больш жудаснага…

Салдаты асцярожна пасоўваліся наперад. А між тым усё навакол квітнела і пахла. Толькі зрэдку сонечны прамень праразаў зялёны змрок. Унізе, пад нагамі, рассцілаліся рознастайныя травы і мох. Гэтая посцілка была нібы вышытай кветкамі шпажніка, сіняга касаціка, лугавога нарцыса, веснавога шафрана і тымі просценькімі маленькімі кветачкамі, што служаць прыкметай надыходу яснага надвор'я.

  1. Комунамі ў часе рэволюцыі называліся гарадскія самакіраўніцтвы. Комуна Парыжа с 1789 г. да 27 чэрвеня 1794 г. адыгрывала вялікую рэволюцыйную ролю ў жыцці Францыі.