Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/51

Гэта старонка была вычытаная

Каранады маюць перад гарматамі тую перавагу, што для стральбы з іх дастаткова трох чалавек, затое яны ўступаюць гарматам у тым, што б'юць не так метка і не так далёка. Трэба было, значыцца, падпусціць эскадру на адлегласць стрэлу з каранады.

Капітан ціхім голасам пачаў даваць загады. Трывожнага сігнала не падавалі, але выконвалі ўсё, што належала ў выпадках трывогі. Карвет быў няздатны для бойкі: ён не мог ні біцца з людзьмі, ні змагацца з хвалямі. Тым не менш каманда скарыстала ўсё магчымае з рэшткаў ваеннага судна. На шкафуце ля бейфутаў звалілі ўсё, што толькі было з запасных перліней і кабельтоваў, на выпадак, калі трэба было-б замацаваць мачты. Прывялі ў парадак перавязачную. Па тагочаснаму звычаю маракоў, залажылі барты парусамі і скруткамі канатаў, што абараняла ад куляў, але не ад ядраў. Прынеслі каліброўкі для куляў, хоць і пазнавата было займацца цяпер праверкай. Але-ж ніхто не прадбачыў такіх ускладненняў. Кожны матрос атрымаў зарады, пару пісталетаў і кінжал. Ложкі былі складзены, гарматы наведзены, стрэльбы зараджаны, сякеры і дрэкі раскладзены па месцах, круйткамера і камера са знарадамі адчынены. Кожны стаў на сваё месца. Усё гэта рабілася моўчкі, без гуку, як у пакоі паміраючага. Працавалі быстра і ўрачыста-сумна.

Дзевяць уцалелых каранад расставілі ў рад — усе па барту, павернутаму да непрыяцельскай эскадры.

Караблі эскадры, з свайго боку, у такой-жа цішыні рабілі свае манеўры. Яны выстраіліся цяпер поўкругам прама супроць Ле-Менк'е. Такім чынам «Клэймор», ахоплены дугой ды яшчэ звязаны сваімі ўласнымі якарамі, быў амаль прыціснуты к рыфу, гэта значыць асуджаны на верную гібель.