Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/56

Гэта старонка была вычытаная

залпы не спыняліся, адкуль можна было заключыць, што карвет яшчэ трымаўся і што ён парашыў выпусціць усе свае знарады да апошняга.

Неўзабаве лодка выбралася ў адкрытае мора. Цяпер ёй ужо не пагражала небяспека — у баку ад рыфаў, па-за стрэламі, далёка ад месца бойкі.

Паступова абрысы мора пачалі святлець, светлыя палосы на небе паміж гарызонтам і хмарамі пашырыліся, грэбні хваляў пабялелі і заблішчэлі празрыстымі пырскамі пены. Дзень настаў.

Лодка схавалася ад суднаў ворага. Карцеч больш не пагражала ёй. Затое пагражала крушэнне. Маленечкая шкарупінка, без палубы, без мачты, без парусаў, без компаса, павінна была змагацца са стыхіяй, спадзяючыся толькі на вёслы. Ледзь значны атам стаяў твар у твар з двума калосамі — акіянам і ўраганам.

І раптам сярод неабдымнай бязлюднай прасторы чалавек, што сядзеў на носе, падняў свой мярцвяна-бледны пры ранішнім святле твар, пільна паглядзеў у вочы чалавеку, які сядзеў на карме, і сказаў:

— Я — брат кананіра, расстралянага па вашаму загаду…