Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/57

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ТРЭЦЯЯ


ГАЛЬМАЛО

СЛОВА — СІЛА

Стары павольна падняў галаву.

Чалавеку, які прамовіў гэтыя словы, было гадоў каля трыццаці. Твар яго пацямнеў ад марскога загару. Вочы былі нейкія дзіўныя: праніклівы погляд матроса злучаўся з прасцецкай наіўнасцю селяніна. Ён моцна трымаў вёслы ў сваіх дужых руках. За поясам у яго тырчэлі два пісталеты, кінжал і пацеркі. Але выгляд у яго быў добрадушны.

— Хто вы? — спытаў стары.

— Я вам толькі што сказаў.

— Чаго-ж вы ад мяне хочаце?

Матрос кінуў вёслы, скрыжаваў рукі на грудзях і адказаў:

— Я хачу вас забіць.

— Рабіце, што хочаце, — сказаў стары.

Матрос узвысіў голас.

— Падрыхтуйцеся.

— Да чаго?

— Да смерці.

— За што? — спытаў стары.

Вочы матроса бліснулі.