Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/58

Гэта старонка была вычытаная

— За тое, што вы забілі майго брата.

Стары спакойна адказаў:

— Я пачаў з таго, што выратаваў яму жыццё.

— Так, гэта праўда. Спачатку вы яго выратавалі, а потым забілі.

— Не я яго забіў.

— А хто-ж?

— Яго ўласная віна.

Матрос глядзеў на старога разгубленым поглядам. Потым яго бровы зноў гнеўна ссунуліся.

— Як вас завуць? — спытаў стары.

— Завуць мяне Гальмало, але вам няма патрэбы ведаць маё імя: я магу вас забіць і не называючы сябе.

У гэтую мінуту сонца ўзышло.

Кананада яшчэ ішла, але з перапынкамі, нібы з апошняй моцы. Густыя клубы дыму засцілалі гарызонт. Лодку, якою грабец больш не кіраваў, адносіла ветрам.

Матрос правай рукой выхапіў з-за пояса пісталет, а ў левую ўзяў пацеркі.

Стары ўстаў на карме ва ўвесь рост.

— Ці верыш ты ў бога? — спытаў ён.

— Веру. «Ойча наш, які на небе» — адказаў матрос і перахрысціўся.

— Ёсць у цябе маці?

— Ёсць.

Ён яшчэ раз перахрысціўся і дадаў:

— Ну, што-ж вы, мансен'ёр? Даю вам мінуту, каб падрыхтавацца да смерці.

І ён узвёў курок.

— Чаму ты называеш мяне мансен'ёрам?

— Таму што вы — сен'ёр: гэта відаць.

— У цябе ёсць сен'ёр?