Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/59

Гэта старонка была вычытаная

— Так. І важны сен'ёр. Хіба можна жыць без сен'ёра?

— Дзе ён?

— Не ведаю. Ён уцёк з нашых месц. Яго завуць маркіз дэ-Лантэнак, віконт дэ-Фонтэне. У Брытані ён — прынц, яму належыць маёнтак Сямі Лясоў. Я ніколі яго не бачыў, але гэта не перашкаджае яму быць маім панам.

— А каб ты яго ўбачыў, ці паслухаўся-б ты яго?

— Вядома! Я быў-бы язычнікам, каб не падначальваўся свайму пану. Мы абавязаны слухацца і бога і караля, — кароль-жа ўсёроўна, што бог на зямлі, — а пасля іх — сен'ёра, які для нас тое самае, што кароль… Але не ў гэтым зараз справа. Вы забілі майго брата, і я павінен забіць вас.

Стары сказаў:

— Я правільна зрабіў, забіўшы твайго брата.

Матрос сціснуў у кулаку пісталет.

— А ўсё-такі я вас заб'ю.

— Няхай так, — адказаў стары і спакойна запытаўся: — А дзе-ж ксёндз?

Матрос з неўразуменнем глядзеў на яго.

— Ксёндз?

— Але, ксёндз. Твайго-ж брата суцяшаў духоўнік. Мне таксама патрэбен духоўнік.

— Адкуль-жа я яго вазьму ў адкрытым моры?

Здалёк усё цішэй і цішэй даносіліся сударажныя залпы гармат.

— У тых, хто памірае там, ёсць духоўнік, — сказаў стары.

— Але, праўда, — прамармытаў матрос, — там карабельны ксёндз.

Стары сказаў:

— Ты загубіш маю душу, а гэта цяжкі грэх.