Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/60

Гэта старонка была вычытаная

Матрос панурыў галаву: ён думаў.

— Загубіўшы маю душу, ты загубіш і сваю, — казаў далей стары. — Паслухай, мне шкада цябе. Рабі, як хочаш. Ты верыш у бога? Так? Ці ведаеш ты, чаго мы ўсе хацелі на караблі, які ў гэты момант гіне? Мы хацелі памагчы справе божай. Каб твой брат чэсна і свядома выконваў свой абавязак, не здарылася-б няшчасця, карвет не напароўся-б на гэты пракляты флот, і ў гэтую мінуту мы высаджваліся-б на бераг Францыі, не страціўшы ніводнага чалавека. З мячом у руцэ, з разгорнутым белым сцягам мы памаглі-б верным сялянам Вандэі выратаваць Францыю, выратаваць караля і паслужыць правільнай справе. Вось дзеля чаго мы ехалі. І вось чаму цяпер еду я — адзіны, які застаўся цэлы. А ты становішся мне поперак дарогі. Ты з царазабойцамі супроць прастола, ты з бязбожнікамі супроць царквы. Брэтань будзе цярпець пад пятой бязбожнікаў, кароль будзе заставацца ў турме. А хто будзе вінаваты ў гэтым? Ты… Ну, што-ж, рабі, як хочаш. Я спадзяваўся на цябе — і памыліўся… Цяпер ты маеш сілу. І ўсё такі мне шкада цябе. Хоць ты і хрысціянін, у цябе няма веры. Рабі сваю справу! Канчай! Я стары — ты малады, я бяззбройны — ты узброены. Забівай мяне!

Стары казаў стоячы, выпраміўшыся ва ўвесь рост і голас яго пакрываў шум мора. Матрос быў бледны. На ілбе яго выступілі буйныя каплі поту. Ён дрыжаў, як лісціна, і кожную хвіліну прыкладваў да губ свае пацеркі. Калі стары змоўк, матрос адкінуў ад сябе пісталет і ўпаў на калені.

— Даруйце, мансен'ёр! — усклікнуў ён са слязамі. — Я вінаваты. Распараджайцеся мной! Загадвайце! Я ўсё выканаю.

— Я дарую табе, — сказаў стары.