Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/61

Гэта старонка была вычытаная

МУЖЫЦКАЯ ПАМЯЦЬ ВАРТА ВЕДАЎ КАМАНДЗІРА

Прадукты, што былі ў лодцы, вельмі спатрэбіліся. Двум уцекачам, якія вымушаны былі прабірацца вакольным шляхам, прышлося патраціць трыццаць шэсць гадзін, каб дабрацца да берага. Усю ноч прабылі яны ў адкрытым моры. Але ноч была ціхая і цёплая; толькі месяц здаваўся занадта яркім для гэтых людзей, вымушаных хавацца. Яны чулі апошнія, развітальныя стрэлы карвета, стрэлы, якія гучэлі як перадсмяротнае рыканне зацкаванага паляўнікамі льва. Затым на моры ўсё сціхла.

Карвет «Клэймор» загінуў, але загінуў бясслаўна: нельга быць героем, змагаючыся супроць бацькаўшчыны.

Гальмало быў спрактыкаваным мараком. Яго плаванне па хвалях паміж рыфаў пад пільным вокам ворага было сапраўдным цудам майстэрства. Пад вечар другога дня, прыблізна за гадзіну да захаду сонца, лодка пакінула за сабой гару Сен-Мішэль і прыстала к зусім пустыннаму пясчанаму берагу, у месцы, дзе не бывае ні суднаў, ні людзей, бо тут можна загрузнуць у пяску.

Гальмало правёў лодку як мага бліжэй да берага, абмацаў нагою пясок, знайшоў яго даволі шчыльным, пасадзіў лодку на мель і саскочыў на зямлю.

Стары вышаў за ім і пачаў аглядаць гарызонт.

Потым ён схіліўся над лодкай, узяў з мяшка адзін сухар, сунуў яго ў кішэню і сказаў Гальмало:

— Вазьмі рэшту.

Гальмало палажыў у мяшок з сухарамі рэшткі мяса, ускінуў мяшок на плячо і спытаўся:

— Як вы мне загадаеце, мансен'ёр — ці паказваць вам дарогу, ці ісці за вамі?