Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/66

Гэта старонка была вычытаная

падоўжваюць нам ногі. Аднаго разу я такім шастом адбіўся ад трох прыставаў. А ў іх былі шаблі.

— Калі гэта было?

— Гадоў дзесяць назад.

— Яшчэ пры каралі?

— Ну, але.

— Ты, значыцца, ваяваў пры каралі?

— А то як-жа!

— З кім?

— А я і сам не ведаю. Я правозіў цішком соль.

— Во як!

— У нас гэта называлася змаганнем супроць саляных падаткаў. Але-ж кароль і падаткі — рэчы розныя?

— Гэта не твайго розуму справа.

— Прашу выбачэння, мансен'ёр, што патурбаваў вас пытаннем.

— Пяройдзем да справы. Ты ведаеш замак Ла-Тург?

— Ці ведаю я Ла-Тург? Ды гэта-ж родавы замак маіх паноў. Жалезныя дзверы аддзяляюць стары замак ад новага. Яны такія тоўстыя, што іх і гарматай не праб'еш. Ёсць там і падземны ход. Я яго ведаю. Магчыма, толькі я адзін ва ўсім свеце і ведаю яго.

— Які падземны ход? Пра што ты гаворыш? Я не разумею.

— Ён застаўся яшчэ ад старых часоў, калі на Ла-Тург часта нападалі. І абкружаныя жыхары замка заўсёды маглі выйсці гэтым ходам, таму што ён выходзіць у лес.

— Ёсць сапраўды такія падземныя ходы ў іншых замках, але нічога падобнага няма ў Ла-Тургу.

— Не, ёсць, мансен'ёр. Я ніколі не чуў пра тыя падземныя ходы, пра якія вы гаворыце. А ла-тургскі я добра ведаю, бо я-ж з тых месц. Мала таго: гэтага ходу, апрача мяне, ніхто не ведае. Нам было забаро-