Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/67

Гэта старонка была вычытаная

нена аб ім гаварыць, бо ім карысталіся ў часе войнаў. Бацька мой ведаў гэтую тайну і адкрыў яе мне. Мне вядомы яго ўваходы і выхады. Я з лесу магу прайсці ў замак і з замка ў лес так, што ніводная душа мяне не ўбачыць. Вораг можа ўварвацца ў замак і нікога не знайсці там. Вось што такое Ла-Тург. О, я добра ведаю яго!

Некалькі хвілін стары маўчаў.

— Ты, відаць, памыляешся. Каб там быў такі ход, мне гэта было-б вядома.

— Мансен'ёр, ён ёсць, я ў гэтым упэўнены. Трэба павярнуць камень у сцяне…

— Яшчэ што скажаш! Вы, мужыкі, ва ўсё верыце. Паслухаць вас, дык камні і круцяцца, і спяваюць, і нават ходзяць па начах да ручая піць ваду. Усё гэта — казкі!

— Але-ж я сам паварочваў гэты камень…

— А іншыя чулі, як камені пяюць. Не, Ла-Тург добрая, моцная цытадэль, у ёй лёгка абараняцца, але дурны будзе той, хто будзе спадзявацца на твой падземны ход, каб уцячы праз яго ў апошнюю мінуту.

— Але, мансен'ёр…

Стары паціскаў плячыма.

— Не будзем траціць часу. Справа перш за ўсё.

Гэты рашучы тон прымусіў Гальмало замаўчаць.

Стары казаў далей:

— Слухай далей. З Ружфё ты пройдзеш у лес Моншэўрые. Там гаспадарыць Бенедысітэ, начальнік дружыны Дванаццаці. Гэта таксама мужны воін. Па яго загаду расстрэльваюць людзей, а ён у гэты час чытае застольную малітву. На вайне не да чуллівасці… з Моншэўрыя ідзі прама… — Ён перапыніў сябе на палове фразы. — Ах, а пра грошы я забыў! — Ён дастаў з кішэні бумажнік і кашалёк і перадаў Гальмало і тое