Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/68

Гэта старонка была вычытаная

і другое. — Во, вазьмі. У бумажніку трыццаць тысяч франкаў асігнацыямі. Праўда, яны фальшывыя, але і сапраўдныя каштуюць мала чым больш. А ў кашальку — помні гэта — сто луідораў. Я аддаю табе ўсе мае грошы. Тут мне нічога не трэба. І, апрача таго, лепш, каб не знайшлі ў мяне грошай, калі мяне схопяць… Цяпер кажу далей. У Шато-Гонт'е пагаворыш з прынцам дэ-Тальмон.

— Хіба прынц захоча гаварыць са мной?

— Гавару-ж я з табой.

Гальмало зняў шапку.

— Лілія яе высокасці забяспечыць табе ўсюды добры прыём. Не забывай, што табе прыдзецца хадзіць па такіх месцах, дзе ўсё насельніцтва складаецца толькі з сялян ды горцаў. Табе неабходна пераапрануцца. Гэта лёгка зрабіць. Рэспубліканцы такія дурныя, што ў сінім камзоле ды капелюшы з трохкаляровай какардай можна ўсюды прайсці. Цяпер-жа няма ні палкоў, ні вайсковай формы. Паасобныя часці не маюць нават свайго нумара, і кожны прыбіраецца, як хоча… Прайдзі ў лагер Пернэ. Там знойдзеш людзей з чорнымі тварамі. Яны наўмысля мажуцца сажай, а ў стрэльбы кладуць падвойны зарад пораху ды яшчэ падсыпаюць буйнага пяску, каб гучней страляла. Гэта добра, так і трэба. Але, галоўнае, перадай ім мой наказ: забіваць, забіваць і забіваць. Табе трэба будзе яшчэ зайсці ў лагер Чорнай Каровы, які знаходзіцца на ўзвышшы ў лесе Шарні, потым у Аўсяны лагер, лагер Зялёны і ў лагер Мурашак. Пабыўшы ва ўсіх гэтых месцах і ўсім перадаўшы мой пароль: «Да зброі! Нікога не шкадаваць!», ты далучышся да галоўнай арміі — да каталіцкай каралеўскай арміі — там, дзе яна будзе ў той час. Ты пабачыш усіх тых ваенных начальнікаў, якія будуць тады яшчэ жывыя. Пакажы ім маю