Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/69

Гэта старонка была вычытаная

какарду: яны ведаюць, што яна азначае. Перадай ім ад майго імя наступнае: прышоў час весці адразу абедзве вайны — вялікую і малую. Вялікая робіць больш шуму, малая робіць ворагу больш клопату. Вандэйская вайна — жорсткая вайна, але шуанская яшчэ горш. А ў грамадзянскай вайне чым горш, тым лепш. Карысць вайны ацэньваецца той колькасцю зла, якую яна нясе з сабой.

Ён памаўчаў і дадаў:

— Гальмало, я кажу табе ўсё гэта таму, што я ў цябе ўпэўнены. Бачачы, як ты кіруеш лодкай, я паверыў у цябе. Хто можа кіраваць лодкай, той можа кіраваць і мецяжом. Такім чынам, скажы правадырам прыблізна наступнае. Я лічу за лепшую вайну ў лясах, а не ў адкрытым полі. Я зусім не збіраюся падстаўляць сто тысяч сялян пад кулі сініх. Пад канец гэтага месяца мне трэба мець пяцьсот тысяч чалавек, схаваных у лясах. Рэспубліканская армія — мая дзічына. Мы будзем ваяваць па-бракан'ерску. Я — стратэг лясных зараснікаў. Стратэг… Гэтага слова ты не разумееш, але ўсёроўна: ты разумееш, што значыць: «Нікога не шкадаваць!» і «Ўсюды засады». Галоўнае — малая вайна, вялікая на другім плане. Скажы ім яшчэ, што англічане за нас. Рэспубліка апынецца паміж двух агнёў. Еўропа нам дапаможа. Трэба скончыць з рэволюцыяй. Няхай манархі вядуць супроць яе вайну дзяржаў, мы павядзем вайну партызанскую. Скажы ім усё гэта. Ты зразумеў?

— Зразумеў? Трэба ўсё аддаць агню і мячу.

— Так.

— Не даваць літасці…

— Нікому.

— Я абыйду ўсе месцы.