Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

чапля або кулік, якія сведчылі, што блізка знаходзіцца балота.

Салдаты ўсё пасоўваліся наперад. Ішлі наўздагад, баючыся знайсці тое, чаго шукалі.

Зрэдку трапляліся сляды нядаўніх прыпынкаў: пляцоўкі з выпаленай або патаптанай травой, кучы ссечанага галля, запэцканага крывёю. Тут гатавалі суп, там перавязвалі раненых. Але тыя, што прайшлі тут, зніклі. Дзе яны? Можа далёка, а можа і тут, зусім блізка, у засадзе, з зараджанымі стрэльбамі. Лес здаваўся пустым. Батальён падвоіў асцярожнасць. Нельга давяраць цішыні. Не відаць нікога, — тым больш падстаў сцерагчыся каго-небудзь. Лес карыстаўся дрэннай славай.

Засада была магчымай.

Трыццаць грэнадзёраў-разведчыкаў пад камандай сержанта ішлі наперадзе на досыць вялікай адлегласці ад галоўнага атрада. З імі ішла і маркітантка батальёна. Маркітанткі ахвотна далучаюцца да авангарда. Там небяспечней, але цікавей.

Раптам салдаты маленькага авангарда настаражыліся з тым пачуццём, якое так добра вядома кожнаму паляўніку, натрапіўшаму на логава звера. У сярэдзіне густога зарасніка ім пачуўся шолах, лісце нібы заварушылася. Салдаты пераглянуліся.

У разведачнай службе, дзе кожны штохвілінна павінен быць на варце, афіцэрам няма патрэбы даваць загады: тое, што павінна быць зроблена, робіцца само праз сябе.

Не прайшло і мінуты, як падазронае месца было абкружана. Усе трыццаць стрэльбаў нацэліліся ў цёмную сярэдзіну зарасніка; трымаючыся за курок і не зводзячы вачэй з прыцэлу, салдаты чакалі толькі каманды сержанта, каб распачаць агонь.