Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/72

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ЧАЦВЕРТАЯ


ТЭЛЬМАРШ

ВЕРХАВІНА ДЗЮНЫ

Стары пачакаў, пакуль Гальмало знік з вачэй, потым захінуўся ў плашч і пусціўся ў дарогу. Ён ішоў задумліва і павольна.

Ззаду вялізным чорным трохкутнікам са сваёй тыарай-саборам і цытадэлю, са сваімі двума вялікімі вежамі — круглай і квадратнай, нібы памагаўшымі ёй вытрымліваць падвойны цяжар царквы і вёскі, выступала над морам гара Сен-Мішэль.

Зыбучыя пяскі бухты Сен-Мішэль непрыкметна перасоўваюцца, увесь час змяняючы форму дзюн. У тыя часы між Гюінам і Ардэвонам была вельмі высокая дзюна, якая цяпер выраўнялася з берагам. Яна славілася даўнасцю свайго паходжання. З верхавіны яе была відаць на далёкую адлегласць уся навакольная мясцовасць.

Стары накіраваўся да гэтай дзюны і стаў узбірацца на яе. Дасягнуўшы верхавіны, ён прысеў на адзін з чатырох камянёў мілевага слупа і, прысланіўшыся да яго, пачаў разглядаць жывую геаграфічную карту, што расцілалася ля яго ног. Ён нібы шукаў дарогу ў добра вядомых яму месцах. Было ўжо настолькі цёмна, што адзінай выразнай лініяй на ўсім гэтым шырокім пейзажы была лінія гарызонта, якая чарнелася на бледным фоне неба.