Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/73

Гэта старонка была вычытаная

Можна было разгледзець групы дахаў адзінаццаці мястэчак і вёсак. На некалькі лье ў абодва бакі відаць былі званіцы прыбярэжных касцёлаў; у тых месцах іх наўмысля будуюць вельмі высокімі, каб яны маглі служыць маякамі для суднаў, якія знаходзяцца ў моры.

Раптам ён заўважыў, што над дахам галоўнага будынка фермы хістаецца нейкі дзіўны прадмет. У цемнаце нельга было разгледзець ні колеру яго, ні формы. Стары доўга ўглядаўся ў гэты прадмет, нібы пытаючы сябе: «Што-б гэта магло быць? Гэта не флюгер: флюгер круціцца, а гэта хістаецца. Непадобна і на флаг».

Ён стаміўся і цяпер з прыемнасцю адпачываў, седзячы на камені. Ён глядзеў, прыслухоўваўся. Да чаго? Да цішыні. Нават у сільных натур бываюць мінуты журбы. І раптам гэтую цішыню не то каб парушылі, а неяк падкрэслілі галасы праходзячых міма людзей. Гэта былі жаночыя і дзіцячыя галасы. Бывае, што ў начную цемру нечакана ўварвецца вясёлы перазвон. За кустамі не было відаць прахожых, але было чутно, што яны ідуць унізе, каля дзюны, ў бок раўніны і лясоў. Свежыя і звонкія галасы чуліся так блізка, што выразна даходзіла кожнае слова. Жанчына сказала:

— Пойдзем хутчэй, цётка Флешар. Куды тут заварочваць? Сюды?

— Не, вунь туды, — адказала другая.

І два жаночыя галасы, — адзін гучны, упэўнены, другі нясмелы, — прадаўжалі сваю гутарку.

— Як завецца па-вашаму ферма, якую мы цяпер займаем?

— Эрб-ан-Пайль.

— Яшчэ далёка да яе?

— Добрую чвэрць гадзіны хады.

— Ідзем хутчэй. Вячэраць трэба.