Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/74

Гэта старонка была вычытаная

— Але, мы і так спазніліся.

— Пабегчы-б, ды дзеткі твае змарыліся. Двум бабам не занесці тры такія парасяці. Ты і так ужо цягнеш адну. У ёй без малага пуд. І навошта ты яе цягаеш на руках? Вялікая дзяўчынка, хутка два гады. Ужо ад грудзей адлучылі. Хай прабяжыцца… Эх, астыне наш суп!

— А добрыя чаравікі вы мне падаравалі! Акурат падыходзяць, нібы на мяне шытыя.

— Усё-ж лепш, як бегаць басяком.

— Не адставай, Рэнэ-Жан.

Галасы аддаліліся. Усё сціхла.

Стары не варушыўся. Навакол стаяла ясная, непарушная цішыня. Прырода супакоілася ў даверлівай дрымоце. На дзюне было яшчэ светла, але раўніна пацямнела ўжо, а ў лесе панавала сапраўдная ноч. На ўсходзе ўставаў месяц. Рэдкія зоркі праразалі бледнаблакітнае неба. Стары адчуваў, што ў душы яго нараджаецца надзея, калі толькі слова «надзея» можна ўжыць у чаканні грамадзянскай вайны. Яму здавалася, што цяпер, калі яму ўдалося ўцячы з мора, такога бязлітаснага, і ён ступіў на цвёрдую зямлю, то ўсякая небяспека для яго мінула. Ніхто не ведаў яго імя; ён бясследна схаваўся ад ворага. Ён быў адзін, нікому невядомы, ні ў кога не выклікаючы падазрэння. Зямля і неба былі ахоплены глыбокай цішынёй. Толькі вецер дзьмуў з мора.

Раптам стары ўстаў і пачаў пільна ўглядацца Ў далечыню.

На званіцы Кармерэ адбывалася нешта дзіўнае. Яе цёмны сілуэт выразна вырысоўваўся на бледным фоне неба: відаць былі ўся вежа з яе пірамідальным дахам і паміж дахам і вежай клётка для званоў, квадратная,