Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/75

Гэта старонка была вычытаная

скразная, адкрытая з усіх чатырох бакоў, як прынята ў брэтонцаў.

Гэтая клетка то закрывалася, то адкрывалася: праз роўныя прамежкі часу яе высокае акно то выступала белай плямай, то цямнела; то скрозь яго відаць было неба, то на яго набягаў нейкі цень, і гэты цень і гэтыя пробліскі святла штохвілінна чаргаваліся з правільнасцю ўдараў молата, што б'е па кавадлу.

Стары зірнуў направа, на званіцу Багер-Пікан, якая таксама выразна вызначалася на гарызонце. І там пралёты то адкрываліся, то закрываліся.

Ён паглядзеў налева, на званіцу Таніса. Там паўтаралася тая самая з'ява.

Тады ён пачаў углядацца ў званіцы ўсіх навакольных касцёлаў.

І ўсюды пралёты званіц то чарнеліся, то святлеліся.

Што тэта значыла?

Гэта азначала, што ўсюды званілі ў званы. І званілі, не шкадуючы рук, бо іначай цень і пробліскі не маглі-б чаргавацца з такой хуткасцю.

Але што-ж гэта быў за трызвон?

Відаць, білі ў набат. Білі шалёна на званіцах усіх касцёлаў, ва ўсіх парафіях, ва ўсіх вёсках.

Але звону не было чуваць. Вецер дзьмуў з мора і адносіў усе гукі ў процілеглы бок.

Нібы шалёныя, званы адначасова з усіх бакоў будзілі цішыню ночы.

Стары глядзеў і слухаў. Ён не чуў набата, але бачыў яго.

Бачыць набат — незвычайнае адчуванне.

На каго-ж злавалі званы? Супроць каго заклікаў гэты набат?