Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/76

Гэта старонка была вычытаная

КАРЫСЦЬ БУЙНАГА ШРЫФТА

Безумоўна, на кагосьці рыхтавалася аблава… На каго?

Гэты жалезны чалавек уздрыгануўся.

Не, не можа быць, каб шукалі яго. Як маглі здагадацца, што ён тут? Не можа быць, каб хто-небудзь паспеў паведаміць дэлегатам Канвента[1]: ён-жа толькі што высадзіўся. З загінуўшага карвета, напэўна, не выратаваўся ніводзін чалавек. І, апрача таго, на карвеце ніхто, апрача Буабертло і Ла-В'ёвіля, не ведаў яго імя.

А званы працягвалі свой шалёны трызвон. Ён глядзеў і машынальна пералічваў іх, і мысль яго, спуджаная раптоўным пераходам ад поўнай бяспекі да страшнай невядомасці, бездапаможна кідалася, пераскокваючы ад адной здагадкі да другой. Але, па сутнасці, чаго яму было баяцца? Мала чаго маглі біць у набат! Ён пачаў супакойваць сябе, гаворачы: «Глупства! Ніхто не ведае, што я тут, ніхто не ведае майго імя».

Ужо некалькі мінут ён чуў у сябе над галавой і адзаду нейкі шолах. Так шамаціць лісце на дрэвах ад моцнага ветру. Спачатку ён не звярнуў на гэта ўвагу, але шолах не спыняўся, настойліва паўтараўся. Стары абярнуўся. Аказалася, што гэта быў аркуш паперы: вецер трапаў парваную афішу, прыклееную да слупа. Яе прыклеілі нядаўна, бо яна была яшчэ вільготная, і, мабыць, дрэнна прыклеілі, бо іначай вецер не мог-бы адарваць яе.

Неба было яснае: у чэрвені прыцемкі цягнуцца доўга. Унізе, пад дзюнай, было цёмна, але верхавіна была яшчэ асветленая.

  1. Нацыянальны Канвент (1792–1795) — рэволюцыйны сход прадстаўнікоў французскага народу. Быў абраны народам пасля звяржэння караля. Канвент абвясціў Францыю рэспублікай, выдаваў законы, кіраваў рэволюцыйнымі войскамі.