Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

Між тым маркітантка, набраўшыся смеласці, зазірнула ў таямнічы гушчар і ў той момант, калі сержант нарыхтаваўся ўжо скамандаваць «плі», крыкнула: «Стой!» :

— Таварышы, не страляйце! — дадала яна, звяртаючыся да салдат, і кінулася ў кусты.

Салдаты рушылі за ёй.

Там сапраўды быў нехта.

У гушчары зарасніку, на беразе адной з тых маленькіх круглых ям, дзе звычайна паляць на вугаль карчы, пад навіслымі галінамі, нібы ў пакоі з лісцяў, сядзела жанчына і карміла грудзьмі дзіця; на каленях у яе ляжалі бялявыя галоўкі яшчэ двух спячых дзяцей.

— Што вы тут робіце? — крыкнула маркітантка.

Жанчына падняла галаву.

Маркітантка ўсхвалявана казала далей:

— Ды вы звар'яцелі! Чаго вы тут седзіцё? Яшчэ хвіліна, і вас-бы застрэлілі.

І, павярнуўшыся да салдат, растлумачыла:

— Гэта жанчына!

— Мы і самі бачым, што жанчына, — адказаў адзін з грэнадзёраў.

Маркітантка не магла супакоіцца.

— Цягацца па лясах, кожную хвіліну рызыкуючы трапіць пад кулю. Прыдзе-ж у галаву такая дурасць!

Старэйшыя дзеці прачнуліся і пачалі плакаць.

— Я есці хачу! — пачаў адзін.

— Я баюся! — сказаў другі.

Маленькі-ж спакойна ссаў грудзь.

Маркітантка ласкава звярнулася да яго:

— Ты сваю справу ведаеш.

Перапалоханая жанчына азіралася, не разумеючы, адкуль узяліся гэтыя стрэльбы, шаблі, штыхі, гэтыя лютыя твары.