Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/80

Гэта старонка была вычытаная

Жабрак казаў далей:

— Мы абодва тут у сябе дома: вы — у замку, я — у лесе.

— Досыць балбатаць! Выдайце мяне, — сказаў маркіз. Жабрак спытаўся:

— Вы ішлі на ферму Эрб-ан-Пайль?

— Так.

— Не ідзіце туды.

— Чаму?

— Там сінія.

— Даўно?

— Ужо тры дні.

— Жыхары фермы, вядома, абараняліся?

— Не. Яны адчынілі ім вароты.

— А, во як! — прамовіў маркіз.

Жабрак паказаў пальцам на дах фермы, які відаць быў з-за дрэў.

— Бачыце вы гэты дах, пан маркіз?

— Бачу.

— А бачыце на ім…

— Сцяг?

— Трохкаляровы, — сказаў жабрак.

Гэта быў прадмет, які прыцягнуў ужо ўвагу маркіза, калі ён быў на дзюне.

— Здаецца, б'юць у набат? — спытаў ён. — Мне здалося…

— Так, б'юць.

— Чаго-б гэта?

— Відаць, з-за вас.

— Але звону не чуваць.

— Ветрам адносіць, — сказаў жабрак. Потым спытаў: — Бачылі вы афішу?

— Бачыў.