Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/81

Гэта старонка была вычытаная

— Вас шукаюць… — і, паглядзеўшы ў бок фермы, ён дадаў: — Там іх аж поўбатальёна.

— Рэспубліканцаў?

— Парыжан.

— Ну, што-ж, — сказаў маркіз, — трэба ісці туды.

І ён ступіў крок у кірунку да фермы. Жабрак схапіў яго за руку.

— Не ідзіце туды!

— Куды-ж мне ісці?

— Да мяне.

Маркіз паглядзеў на жабрака.

— Пан маркіз, — казаў жабрак, — дом у мяне мізэрны, затое надзейны. У зямлянцы маёй нізка, як у склепе. Заместа падлогі — насцілка з моху, замест столі — пляцёнка з вецця і травы. Хадзем. На ферме вас расстраляюць, а ў мяне вы паспіцё і адпачнеце. Вы пэўна змарыліся. А заўтра раніцой сінія пойдуць далей, і вы пойдзеце, куды вы пажадаеце.

Маркіз недаверліва разглядаў гэтага чалавека.

— Хто вы такі? — спытаў ён. — Рэспубліканец ці раяліст?

— Я — бедны чалавек.

— Не раяліст і не рэспубліканец?

— Я аб гэтым не думаю.

— Вы за караля ці супроць?

— У мяне для тэтага няма часу.

— Што вы думаеце аб тым, што цяпер адбываецца?

— Мне няма чым жыць.

— Аднак, вы хочаце дапамагчы мне.

— Я даведаўся, што вас абвясцілі па-за законам. Што-ж пасля гэтага закон? Не разумею. Значыцца, можна быць і па-за ім? Узяць хоць мяне: можа я таксама па-за законам? Паміраць ад голаду — хіба не значыць быць па-за законам?