Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/82

Гэта старонка была вычытаная

— Ці даўно вы так гаруеце?

— Усё жыццё.

— І вы хочаце выратаваць мяне?

— Так.

— Чаму?

— Гледзячы на вас, я падумаў: «Вось гэты яшчэ бяднейшы за мяне. Я маю права дыхаць, а ён пазбаўлены і гэтага права…»

— Гэта праўда. Дык вы хочаце выратаваць мяне?

— Вядома. Мы цяпер браты, мансен'ёр. У мяне няма хлеба, у вас хочуць адабраць жыццё. Мы два жабракі.

— Але-ж ці вядома вам, што мая галава ацэнена?

— Так.

— Як вы даведаліся пра гэта.

— Я прачытаў афішу.

— Вы ўмееце чытаць?

— Вядома, і пісаць умею. Чаму я павінен быць невукам?

— Калі вы ўмееце чытаць і прачыталі афішу, то вы ведаеце, што той, хто выдасць мяне, атрымае шэсцьдзесят тысяч ліўраў.

— Я ведаю гэта.

— Не асігнацыямі.

— Так, золатам.

— Вы ведаеце, шэсцьдзесят тысяч ліўраў — вялікае багацце.

— Ды якое яшчэ!

— І што той, хто выдасць мяне, будзе багатым чалавекам?

— Я гэта і падумаў. Калі я вас убачыў, я сказаў сабе: «Той, хто выдасць гэтага чалавека, атрымае велізарнае багацце — шэсцьдзесят тысяч ліўраў! Трэба хутчэй схаваць яго!»

Маркіз паследаваў за жабраком.