Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/83

Гэта старонка была вычытаная

Яны ўвайшлі ў гушчар. Там была зямлянка жабрака. Вялікі стары дуб уступіў гэты прытулак чалавеку: зямлянка была выкапана пад яго карэннямі, і яго галіны затулялі яе. У ёй было нізка і цёмна; ніхто не мог-бы яе заўважыць. Там можна было эмясціцца ўдвух.

— Я прадбачыў, што мне прыдзецца прымаць госця, — сказаў жабрак.

Такія падзямеллі — патаемнікі, як іх называюць мясцовыя сяляне, — не рэдкія ў Брэтані.

Звычайнае абсталяванне такога жылля — пасцель з саломы або з прамытых і высушаных марскіх водараслей, тоўстая дзяружная коўдра, некалькі сальных свечак і крэсіва.

Маркіз і яго спадарожнік нахіліліся, папаўзлі трошкі і апынуліся ў зямлянцы, якая падзялялася карэннямі дрэва на некалькі каморак няправільнай формы. Яны ўселіся на кучы сухіх водараслей, з якіх была зроблена пасцель. Прамежак між двух каранёў, якія служылі дзвярыма, прапускаў трохі святла. На дварэ была ўжо ноч, але вочы прыстасоўваюцца да цемнаты і прывыкаюць заўважаць у ёй нават слабае святло. І, апрача таго, уваход у зямлянку асвятляўся месяцам. У куце стаяў кубак з вадой; побач з ім ляжалі грачаная перапечка і жменя каштанаў.

— Давайце вячэраць, — сказаў жабрак.

Яны падзялілі каштаны, маркіз выняў свой сухар, і абодва пачалі есці, адламваючы ад адной і той самай чорнай ляпёшкі і па чарзе сёрбаючы з аднаго кубка.

Пачалася гутарка. Маркіз распытваў жабрака:

— Значыцца, што-б ні здарылася, вам усёроўна?

— Бадай, што так. Гэта вашы панскія справы.

— Але тое, што адбываецца…