Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/84

Гэта старонка была вычытаная

— Адбываецца недзе там, высока, — сказаў жабрак і дадаў: — Ёсць рэчы, якія адбываюцца яшчэ вышэй: сонца ўсходзіць, месяц павялічваецца і памяншаецца… Вось гэта цікавіць мяне. — Ён сербануў з кубка. — Добрая вада, свежая. Потым спытаўся: — Як вам падабаецца гэтая вада, мансен'ёр?

— Як вас завуць? — спытаў маркіз.

— Завуць мяне Тэльмарш, а клічуць Бадзягай. Ёсць і другая мянушка ў мяне — Старык. — І ён дадаў: вось ужо сорак гадоў, як мяне завуць Старыком.

— Сорак гадоў! Але ў той час вы былі яшчэ маладым.

— Ніколі я не быў маладым. А вось вы заўсёды малады, пан маркіз. Ходзіце, як дваццацігадовы, узбіраецеся на дзюны. А я ўжо дрэнна хаджу: прайду чвэртку лье і стамлюся. А мы-ж з вамі аднагодкі. Але ў багатых ёсць тая перавага, што яны ядуць кожны дзень. Сытная ежа захоўвае чалавека.

Ён памаўчаў і пачаў далей:

— Багацце і беднасць, — якая гэта страшная рэч! Ад гэтага і ідзе ўся бяда. Бедныя хочуць быць багатымі, а багатыя не жадаюць збяднець. У гэтым, бадай што, і ўся справа. Толькі я стаю ў баку ад усяго гэтага. Усёроўна нічога не зменіш: падзеі ідуць сваёю чаргою, як ім прызначана ад бога. Я не стаю ні за крэдытораў, ні за даўжнікоў. Я ведаю, што бываюць даўгі і што даўгі трэба плаціць — вось і ўсё. Мне здаецца, было-б лепш, каб не забівалі караля, а чаму гэта было-б лепш, мне цяжка сказаць. Але мне скажуць: «А ці даўно людзей вешалі на дрэвах нямаведама за што?» Ды што там, я сам бачыў, як павесілі чалавека з-за каралеўскай касулі, якую ён падстрэліў. А ў яго была жонка і сямёра дзяцей… Многа чаго можна было-б расказаць пра той і пра другі бок.