Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/85

Гэта старонка была вычытаная

Ён зноў памаўчаў, потым дадаў:

— Вы разумееце, што і сам я толкам не разбяруся, дзе сапраўдная праўда. Навакол робіцца нешта няладнае, усе мітусяцца… Бог з імі! Я жыву сабе пад зоркамі, і нічога мне не трэба.

Ён зноў аб нечым задумаўся, але праз мінуту зноў загаварыў:

— Я-ж трошкі знахар, магу лячыць. Я ведаю розныя травы. Вось іншы раз разглядаеш якую-небудзь травінку, а людзі бачаць і гавораць: вядзьмар. Калі чалавек задумваецца, людзям здаецца, што ён ведае нешта такое, чаго не ведаюць іншыя.

— Вы тутэйшы? — спытаў маркіз.

— І нарадзіўся, і вырас, і састарэўся ў гэтых месцах.

— Вы ведаеце мяне?

— Вядома. Апошні раз я бачыў вас, калі вы прыязджалі сюды два гады назад. Потым вы паехалі ў Англію. І вось зараз: бачу, чалавек стаіць на дзюне. Высокі такі. Высокіх людзей не часта сустрэнеш; у Брэтані народ дробны. Вось я гляджу (афішу я яшчэ раней прачытаў) і кажу сабе: «Эге! Ці не ён гэта?» А тут месяц узышоў. Вы спусціліся ўніз, падышлі бліжэй, я вас і пазнаў.

— А я вас не ведаю, — сказаў маркіз.

— Праходжыя хіба глядзяць на жабракоў? А жабрак — той глядзіць пільна.

— Хіба я сустракаў вас раней?

— Вы часам мне падавалі, але, даючы жабраку, не глядзіш на яго, а хто атрымоўвае, той усё прыкмеціць, нічога не прапусціць. Пра жабракоў гавораць — шпіёны. Але я не шпіён, прынамсі, стараюся не быць ім, хоць мне і не соладка жывецца. Я працягваў руку за міласцінай. Вы бачылі толькі руку і кідалі ў яе ма-