Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/86

Гэта старонка была вычытаная

неты, якія патрэбны былі мне раніцой, каб увечары не памерці ад голаду. Нашаму брату здараецца і па сутках нічога не есці. Бывае, што ад якога-небудзь су залежыць жыццё чалавека. Вы многа разоў выратоўвалі мне жыццё: я аддаю вам мой доўг.

— Так, вы выратоўваеце мяне.

— Выратоўваю, мансен'ёр, але толькі… — тут голас Тэльмарша зрабіўся ўрачыста-сур'ёзным: — з адной умовай.

— Якой?

— Каб, з'явіўшыся сюды, вы не рабілі зла.

— Я прыехаў для добрай справы, — адказаў маркіз.

— А калі так, то добра. Цяпер будзем спаць.

Яны ляглі на кучу водараслей, прытуліўшыся адзін да аднаго. Тэльмарш зараз-жа заснуў. Маркіз, не гледзячы на стому, заснуў не адразу. Ляжаць на такой пасцелі значыла ляжаць на зямлі, і маркіз, скарыстаўшы гэта, прылажыў вуха да зямлі і прыслухаўся. Гукі, як вядома, добра перадаюцца глебай. Ён пачуў глухі гул. Гэта званілі званы. Набат працягваўся.

Маркіз заснуў.

ПАДПІСАНА: „ГОВЭН“

Калі ён прачнуўся, быў дзень.

Жабрак стаяў, абапёршыся на кій, але не ў зямлянцы — там нельга было выпрастацца, — а ля ўваходу. На твары яго паблісквала сонца.

— Мансен'ёр, на званіцы ў Танісе толькі што адзванілі чатыры гадзіны, — сказаў ён маркізу. — Я чуў чатыры ўдары: значыцца, вецер перамяніўся і дзьме цяпер з берага. А іншых гукаў не чуваць: значыцца, ужо больш не б'юць у набат. Цяпер на ферме ўсё супакоілася: сінія або пайшлі, або спяць. Галоўная небяс-