Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/88

Гэта старонка была вычытаная

бойка: біліся каля фермы Эрб-ан-Пайль. Маркіз спыніўся.

У такіх выпадках цікавасць заўсёды перамагае пачуццё небяспекі. Няма чалавека, які не адчуў-бы гэтага сам. Маркіз падняўся на ўзгорак. Адтуль яго маглі ўбачыць, але затое і ён мог бачыць усё. Праз некалькі мінут ён узышоў на самую верхавіну.

Каля фермы ішла перастрэлка і быў пажар. Чуваць былі крыкі, паасобныя выгукі, відаць быў агонь. На ферме, відаць, адбылася нейкая катастрофа. Што там здарылася? Напад? Бітва?.. Не, гэта, мусіць, экзекуцыя. Паводле асобага дэкрэта рэволюцыйнага ўрада сінія часта каралі непакорныя вёскі і фермы, аддаючы іх агню. Каб паказаць прыклад строгасці, палілі кожную ферму, якая на сваім участку лесу не зрабіла прасекі для праезду рэспубліканскай кавалерыі. Ці не здарылася цяпер тое самае з Эрб-ан-Пайлем?

Узгорак, з вяршыні якога маркіз рабіў свае назіранні, быў акружаны з усіх бакоў густым зараснікам; месцамі праз яго нават цяжка было прабрацца. Гэты зараснік, вядомы пад назвай Эрб-ан-Пайльскага гаю, займаў вельмі вялікую плошчу. Ён цягнуўся да самай фермы і ў сваім непраходным гушчары хаваў, як і ўсе лясы і пералескі Брэтані, цэлую сетку яроў, сцежак і лагчын. Незнаёмыя з мясцовасцю рэспубліканскія атрады заўсёды маглі заблудзіцца ў такім лабірынце.

Пакуль маркіз ламаў галаву, ці заставацца яму на ўзгорку, ці спускацца ў гушчар, грукат разгрому спыніўся. Маркіз убачыў, як па кустах з крыкам рассыпалася вясёлая, буяная банда людзей. У кустах і пад дрэвамі, як у мурашніку, закапашыліся, замільгалі фігуры. З фермы ўсе кінуліся ў лес. Барабаны білі трывогу. Стрэлы спыніліся. Кагосьці шукалі. Па ўсім лесе стаяў бесперапынны глухі гул галасоў. Раптам у