Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/89

Гэта старонка была вычытаная

гэтым хаосе пачалі вылучацца пэўныя гукі. Да маркіза выразна даляцела:

— Лантэнак! Лантэнак! Маркіз дэ-Лантэнак!

Шукалі яго.

ЗМЕННАСЦІ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ

Вакол яго па ўсім гушчары заблішчэлі штыхі, стрэльбы, шаблі. У зялёным змроку лісцяў узняўся трохкаляровы сцяг. «Лантэнак!» — пачулася зусім блізка і ў кустах цярноўніка паказаліся лютыя твары.

Ён быў адзін. Ён стаяў на ўзгорку і быў відаць з усіх бакоў лесу. У лесе-ж было, мусіць, не меней тысячы стрэльбаў, і ён быў для іх вельмі добрай мішэнню.

Ён зняў капялюш, загнуў бераг яго, адламаў ад цярновага куста даўгую сухую калючку, выняў з кішэні белую какарду, прыкалоў яе калючкай разам з загнутым берагам да верху капелюша, надзеў яго на галаву і сказаў зычным голасам, звяртаючыся да ўсяго лесу:

— Я — той, каго вы шукаеце. Я — маркіз дэ-Лантэнак, віконт дэ-Фонтэнэ, брэтонскі прынц, генерал-лейтэнант каралеўскіх войск. Скончым! Цаляй! Плі!

І, расхінуўшы абодвума рукамі сваю скураную куртку, ён адкрыў свае грудзі. Ён чакаў смерці і апусціў вочы.

Па лесе пранёсся тысячагалосны крык:

— Хай жыве Лантэнак! Хай жыве наш сен'ёр! Хай жыве генерал!

У паветра паляцелі капелюшы. Сотні рук замахалі голымі шаблямі, і ўвесь гушчар нібы натапырыўся паднятымі даўгімі шастамі, на якіх матляліся карычневыя, шарсцяныя шапачкі.