Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

Сержант закрычаў ёй:

— Не бойцеся! Мы з батальёна Чырвонай Шапкі!

Жанчына задрыжала ўсім целам. Яна зірнула на сержанта, на яго суровы, абросшы валасамі твар, на якім выразна вылучаліся толькі бровы, вусы ды бліскаючыя, як два вугалі, вочы.

— Гэта былы батальён Чырвонага Крыжа, — вытлумачыла маркітантка.

А сержант спытаў:

— Хто ты такая?

Жанчына глядзела на яго, скамянеўшы ад жаху. Яна была маладая, худая, бледная і ў лахманах. На ёй быў грубы галаўны ўбор брэтонскіх сялянак, а замест сукні шарсцяная коўдра, падвязаная ля шыі шнурком. Босыя ногі былі ў крыві.

— Гэта жабрачка, — сказаў сержант.

А маркітантка сваім па-салдацку грубаватым голасам, у якім аднак выразна адчувалася ласкавасць, спытала:

— Як вас завуць?

Жанчына, запінаючыся, прамармытала:

— Мішэль Флешар.

Між тым маркітантка сваёй вялікай грубай рукой пяшчотна гладзіла па галаве грудное дзіця.

— Колькі гэтаму сысунку? — спыталася яна.

Маці не зразумела.

Маркітантка паўтарыла:

— Я вас пытаюся, колькі часу вось гэтаму, меншанькаму?

— Паўтара года, — адказала маці.

— Ды ён ужо вялікі! — сказала маркітантка. — Няма чаго яму смактаць. Трэба адлучыць яго ад грудзей. Мы дамо яму супу.