Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/90

Гэта старонка была вычытаная

Ён быў сярод вандэйскай банды. І ўсе гэтыя людзі, убачыўшы яго, упалі на калені.

Уся ватага была ўзброена стрэльбамі, шаблямі, косамі, кіркамі, дубінамі. На ўсіх былі надзеты шырачэзныя лямцавыя капелюшы або карычневыя шапкі з белымі какардамі, мноства пацерак і амулетаў, шырокія да калена штаны, скураныя курткі і чаравікі. Ва ўсіх былі голыя ікры і даўгія валасы. У некаторых былі лютыя твары, але ва ўсіх — наіўны погляд шырока раскрытых вачэй.

З натоўпу, што стаяў на каленях, вышаў прыгожы малады чалавек. Ён шпаркімі крокамі падняўся на ўзгорак да маркіза. На ім, як і на астатніх, была простая скураная куртка і лямцавы сялянскі капялюш з белай какардай на загнутым уверх краі, але рукі ў яго былі белыя, сарочка з тонкага палатна, праз плячо быў перакінут белы шаўковы шалік і пры баку вісела шпага з залатой ручкай.

Падняўшыся на ўзгорак, ён кінуў вобземлю свой капялюш, адшпіліў шпагу, стаў на адно калена, працягнуў маркізу шпагу і сказаў:

— Мы шукалі вас. Цяпер мы вас знайшлі. Вось шпага галоўнакамандуючага. Гэтыя людзі належаць вам. Я быў іхнім камандзірам. Цяпер я ваш салдат: я атрымаў павышэнне. Загадвайце, генерал.

Ён даў знак, і з кустоў вышла некалькі чалавек з трохкаляровым сцягам у руках. Яны падышлі да маркіза і палажылі сцяг ля яго ног. Гэта быў той самы сцяг, які ён бачыў на даху фермы яшчэ з верхавіны дзюны.

— Генерал, — зноў пачаў малады чалавек, — гэты сцяг мы адбілі ў сініх, што займалі ферму Эрб-ан-Пайль. Мяне завуць Гавар. Я служыў пад камандай маркіза дэ-ла-Руары.