Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/91

Гэта старонка была вычытаная

— Добра, — сказаў маркіз.

І, не спяшаючыся, спакойна і ўрачыста, ён надзеў на сябе шпагу. Затым, выхапіўшы шпагу з ножнаў і трасучы ёю над галавой, закрычаў:

— Устаньце, і хай жыне кароль!

Усе падняліся на ногі, і лясныя нетры агаласіліся радасным крыкам:

— Хай жыве кароль! Хай жыве наш маркіз! Хай жыве Лантэнак!

Маркіз павярнуўся да Гавара:

— Колькі вас усіх?

— Сем тысяч.

І, спускаючыся са ўзгорку разам з маркізам, перад якім сяляне спешна адхілялі кусты, Гавар пачаў тлумачыць:

— Усё вышла як найлепш, мансен'ёр. Рэспубліканская афіша, з якой мы даведаліся аб вашым прыбыцці, падняла на ногі ўсю акругу. Усе сталі на абарону караля. Між іншым, нас сакрэтна паведаміў пра вас яшчэ і мэр Гранвіля. Ён таксама наш. А сёння ўначы ўдарылі ў набат.

— Дзеля чаго?

— Для вас.

— Вось як! — сказаў маркіз.

— А мы так і думалі, што вы хаваецеся дзе-небудзь у гэтым лесе, і шукалі вас.

— Гэта вы толькі што нападалі на Эрб-ан-Пайль?

— Так. Сінія не чулі набата: вецер дзьмуў у процілеглы бок. Яны нічога не падазравалі і размясціліся адпачываць. На ферме і ў пасёлку іх прынялі добра. Сёння раніцою мы наваліліся на ферму — сінія яшчэ спалі — і ўсё скончылі адным ударам. У мяне ёць конь. Зрабіце ласку, прыміце яго, генерал.

— Добра.