Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/92

Гэта старонка была вычытаная

Адзін з сялян падвёў белага каня пад кавалерыйскім сядлом. Адхіліўшы працягнутую для дапамогі руку, маркіз лёгка ўскочыў у сядло.

— Ура! закрычаў натоўп.

— Дзе будзе ваша галоўная кватэра, генералі, — спытаў Гавар маркіза, аддаючы яму чэсць.

— На першы час у Фужэрскім лесе. Нам патрэбен ксёндз.

З натоўпу сялян выступіў ксёндз.

Маркіз крануў каня.

— Добры дзень, айцец вікарый. Вам будзе работа.

— Тым лепш, пан маркіз.

— Вам прыдзецца спавядаць шмат народу — тых, вядома, хто пажадае спавядацца перад смерцю.

— Генерал, мы чакаем загадаў, — сказаў Гавар.

— Па-першае, зборны пункт — Фужэрскі лес. Няхай усе ідуць туды па адным.

— Я ўжо распарадзіўся наконт гэтага, генерал.

— Вы, здаецца, казалі, што жыхары ферм і пасёлка добра прынялі сініх?

— Так, генерал.

— Спалілі вы ферму?

— Спалілі.

— А пасёлак?

— Не.

— Спаліце.

— Сінія спрабавалі былі абараняцца, але іх было ўсяго паўтараста чалавек, а нас сем тысяч.

— Якія гэта сінія?

— З атрада Сантэра.

— Таго самага, што загадаў біць у барабан, калі адсякалі галаву каралю? Значыцца, гэта парыжскі батальён?

— Поўбатальёна, генерал.