Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/93

Гэта старонка была вычытаная

— Як ён называецца?

— Генерал, на сцягу напісана: «Батальён Чырвонай Шапкі».

— Дзікія звяры!

— Што загадаеце рабіць з раненымі?

— Прыкончыць.

— Палонных?

— Расстраляць!

— Іх каля васьмідзесяці чалавек.

— Усіх расстраляць.

— Сярод іх дзве жанчыны.

— І жанчын таксама.

— І трое дзяцей.

— Дзяцей вазьміце з сабой. Там відаць будзе, што з імі рабіць.

Маркіз крануў каня.

ЛІТАСЦІ НЕ ДАВАЦЬ!

У той час, калі ўсё гэта адбывалася ля Таніса, жабрак Тэльмарш ішоў у Кралону. Ён прабіраўся густымі сцежкамі праз яры і лагчыны, паглыбляўся ў гушчар, то нічога не заўважаючы, то спыняючыся з-за глупства, больш марачы, як разважаючы. Ён часта зыходзіў з дарогі, адпачываў, нагінаўся, зрываў парастак дзікага шчаўя і пачынаў жаваць, спыняўся, каб напіцца з крыніцы. Часта ён напружана прыслухоўваўся да далёкага шуму, потым зноў задумваўся.

Ён быў ужо стары і яму цяжка было многа хадзіць. Быў ужо вечар, калі ён вяртаўся дахаты.

Недалёка ад Масэ ён убачыў слуп дыму, які падымаўся з зямлі.

Ён быў зусім чорны, толькі часам у ім пабліскваў агонь. Было ясна, што пажар пачаў ужо гаснуць. Дым падымаўся над фермай Эрб-ан-Пайль.