Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/94

Гэта старонка была вычытаная

Тэльмарш пайшоў хутчэй. Ён вельмі змарыўся, але яму хацелася ведаць, у чым справа.

Ён узабраўся на ўзвышша, за якім раскінуліся пасёлак і ферма: там не было больш ні фермы, ні пасёлка. Куча руін дагарала на месцы Эрб-ан-Пайль. Ахопленая агнём хаціна бедняка — што можа быць жудасней гэтага?

Тэльмарш акамянеў перад убачанай карцінай. Руйнаванне адбывалася ў поўным маўчанні. Не было чуваць чалавечых крыкаў. Ніводнага голаса не далятала з таго месца, над якім стаяў слуп дыму. Полымя паглынала апошнія рэшткі пасёлка. Апрача грукату ад падаючых бярвенняў і трэску палаючых саламяных стрэх, не было чуваць нічога. Часамі дым разрываўся, і скрозь дзіру ў страсе відаць была сярэдзіна халупы: афарбаванае чырванню ад полымя рыззё беднякоў і старая нікчэмная мэбля ў палаючых каморках.

Агонь перакінуўся на суседні з фермай каштанавы лясок, і бліжэйшыя дрэвы гарэлі.

Тэльмарш прыслухаўся, стараючыся пачуць чалавечы голас, крык аб дапамозе. Але нічога не было чуваць. Усё маўчала, падаваў голас толькі пажар. Няўжо ўсе паўцякалі?

Куды дзяваліся людзі? Што з імі сталася?

Тэльмарш сышоў уніз. Перад ім была страшная загадка. Ціхімі крокамі падыходзіў ён да руін фермы. Ён адчуваў сябе мерцвяком у гэтай магіле.

Ён падышоў да таго, што раней было брамай фермы, і глянуў у двор. Усё, што ён бачыў да гэтага часу, было нішто. Толькі цяпер ён убачыў страшнае.

Пасярэдзіне двара ўзвышалася вялікая чорная куча. З аднаго боку яе асвятляў водбліск пажару, зверху на яе падала святло месяца. Гэтая куча складалася з людзей, і людзі гэтыя былі мёртвыя.