Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/95

Гэта старонка была вычытаная

Вялізная лужына крыху дымілася, у ёй адбівалася полымя пажару. То была лужына крыві.

Тэльмарш падышоў бліжэй. Ён пачаў разглядаць адно за другім гэтыя распасцёртыя целы: усё гэта былі трупы. Месяц і пажар асвятлялі іх.

Усе трупы былі ў салдацкіх мундзірах і ўсе з босымі нагамі. Іх, відаць, абабралі, знялі боты і зброю. Мундзіры былі ўсе сінія; сям-там у гэтай кучы мёртвых трапляліся прастрэленыя трохкутныя шапкі з трохкаляровымі какардамі. Забітыя былі рэспубліканцы, тыя самыя салдаты парыжскага батальёна, якія яшчэ ўчора стаялі гарнізонам на ферме Эрб-ан-Пайль, здаровыя, вясёлыя. Сіметрычнае размяшчэнне трупаў сведчыла, што гэтыя людзі былі расстраляныя: іх павалілі на месцы адным залпам, забілі свядома, старанна.

Усе да апошняга былі мёртвыя. З кучы целаў не вылятала ні хрыпу, ні стогну.

Людзі, якія зрабілі гэтую экзекуцыю, мабыць, спяшаліся, бо не патурбаваліся нават закапаць трупы.

Тэльмарш ужо хацеў быў ісці, але выпадкова зірнуў на нізкую сценку, што засталася ад пажару, і заўважыў, што з-за яе высоўваецца чатыры нагі. Гэтыя ногі былі абутыя. Ён падышоў бліжэй: ногі былі жаночыя.

За сценкай ляжалі побач дзве жанчыны, таксама расстраляныя. Ён схіліўся над імі. На адной было нешта накшталт салдацкага мундзіра. Каля яе валялася пабітая пустая манерка. Гэтая жанчына была маркітантка. Галава яе была прабіта чатырма кулямі. Яна была мёртвая.

Ён пачаў аглядаць другую. Гэтая была ў сялянскім убранні. Твар яе быў бледны, як у мерцвяка, рот расчынены, вочы заплюшчаныя. На галаве не было