Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/96

Гэта старонка была вычытаная

ран. Яе адзенне, мусіць ад вялікай дарогі, ператварылася ў лахманы; ліфчык расшпіліўся, мабыць калі яна ўпала, і з-пад яго відаць былі грудзі. Тэльмарш убачыў на адным плячы круглую ранку ад кулі. Косць была перабітая.

— Маці і карміліца, — прамармытаў ён, гледзячы на бледныя грудзі.

Ён дакрануўся да цела. Яна яшчэ не астыла. Апрача раны ў плячы, на ім не было ніякіх пашкоджанняў. Ён прылажыў руку да сэрца жанчыны і адчуў слабы стук. Жанчына была жывая.

Тады ён выпраміўся і закрычаў:

— Ці ёсць тут хто-небудзь?

— Гэта ты, Стары? — адгукнуўся нечы голас, але так ціха, што ледзь яго можна было пачуць.

З нейкай яміны сярод руін высунулася галава. Услед за гэтым паказалася і другая. Гэта былі два селяніна, якія паспелі схавацца; фактычна яны былі адзінымі людзьмі на ферме, якія засталіся жывымі.

Яны падышлі да Тэльмарша, усё яшчэ калоцячыся ад страху.

Тэльмарш мог крычаць, але гаварыць не мог: такі ўплыў робяць глыбокія ўзрушэнні. Ён паказаў пальцам на распасцёртую жанчыну.

— Хіба яна яшчэ жывая? — спытаўся адзін з сялян.

Тэльмарш кіўнуў галавой.

— І другая жывая? — спытаўся другі селянін.

Тэльмарш адмоўна матнуў галавой.

Той селянін, што першы адгукнуўся на яго крык пачаў дрыжачым голасам:

— Усе астатнія пэўна забітыя. Я ўсё бачыў. Я сядзеў у склепе. Як я дзякаваў богу ў тую мінуту, што ў мяне няма сям'і! Мой дом спалілі… Усіх пазабівалі! У гэтай жанчыны былі дзеці — трое. Адзін меншы за