— Я… Ігнат Восіпавіч… Адчыні мне, Васілька!
Хворая, забыўшыся на боль, узьнялася на локцях і ўстроміла вочы ў дзьверы.
— Ён, ён, ён, — шаптала яна.
Абдзіраловіч увайшоў.
— Жыў, цэл, мой любінькі, мой залаценькі! — працягнула да яго рукі хворая ў нязьвычайнай радасьці і, калі ён сьхіліўся да яе, цалавала яго, дрыжачая, абнімаючы за галаву.
А калі ён апавядаў, як выбавіўся і прыйшоў да іх, і калі ўспамянулі беднага Карпавіча, яе апанавалі прыкметна неснакой і нецярплівасьць.
— Васілька! — з пакорнасьцю і ласкаю зьвярнулася яна, — схадзіў ба, даведаўся, ці пайшлі шукаць Карпавіча? Сканаець гаротнік сярод чужых, ай, Матачка наша Навышняя…
Васіль пайшоў.
Хворая ўся раптам затрапяталася і падгукнула прапаршчыка. Той недаўменна і з чуцьцём жалю сьхіліўся над ёю.
Зірнуўшы на дзьверы, яна, уся дрыжачая, абхапіла яго шыю рукамі і, прыжмаўшы яго вуха да мокрага ад сьлёз зморшчанага твару, як у трасцы зашаптала:
— Мо́й ты!.. Мой родны сынок… А Васілёк — панскі. Перамяніла я вас ма-