V.
На другі дзень ён ня сустрэўся з Аляю. Яна паехала з маткаю на станцыю Мінэральныя Воды: чакалі, што прыедзе Мікола Мартынавіч.
У парку Абдзіраловіч знайшоў макасееўскую няньку з дзяцьмі і нейкі час пабыў з імі.
Малодшы хлопчык, паміж гутаркі аб прыезджаньню татулькі, сказаў:
— А наш татулька вельмі ня любіць таварышаў. І князь кажа, што яны — хуліганы.
— Калі падрасьцеш і пачнеш цяміць усё сам, дык пабачыш, Валя, што гэnа можа быць, ня зусім так.
— А чаму вы іх абараняеце? Князь казаў, што яны жалаваньне ў афіцэраў адбяруць, а вы іх бароніце.
Дзіцёнак памаўчаў. Відаць, ён мяркаваў нейкае пытаньне і ня важыўся папытацца.
— А любіце вы мужыкоў?
— Люблю.
— А я не. Яны усе вельмі дурныя.
— Няпраўда, Валя.
— А князь казаў, што праўда. Ён казаў, што за мужыкоў толькі тыя афіцэры, каторыя самі з мужыкоў.
— Дык ты, Валя, думаеш, што і я з мужыкоў, так? Ты хацеў спытацца ў мяне?