заварушылася і засмактала, а кудлаты басяк скрыгаў скрозь соньня зубамі.
Пацягнула зьнізу ў разьбітую шыбу з мутнога надвор‘я сьвежым ветрыкам і прыемна асьвяжыла галаву.
Нылі ўсе косьці, калі скрануўся Гаршчок і палез далоў.
Ён агледзіўся. Начлежны дом быў повен. Была самая пара сну. Стаяла густое цёплае смуроднае паветра, нёсься храп, сьвістаньне і варушэньне.
У адным вугле ўзьняўся глухі гоман, нейкая ваганіна, хрыпаты сьмех і лайба, — усё паніжонымі, начавымі галасамі.
Пайшоў туды, каб дастаць табакі.
Гэта прыйшлі з начной працы гаспадары начулішча, яе паважаныя паўсёдныя жыхары. Месца кождага, зазначанае каменем або цэглінай (замест падушкі), пуставала, бо ўсе ведалі, што тут занята і што гаспадар прыдзе і мае права стурыць.
Але на адным месцу скорчыўся блізка што голы, аброслы чорнымі валасамі, дробненькі чалавечак, ні-то цыган, ні-то армянін, ці жыд — і гаспадар каменя загневаўся за гэткае зьняважаньне сваіх правоў, Ен злосна плюнуў, без усякай жаласьці схапіў навічка, незнаёмага яшчэ з тутэйшымі парадкамі, за ногі звалок яго з палацяў і кінуў на памост, як нейкі мяшок, набіты мякінаю.