Гэта старонка не была вычытаная
ПЕСЬНЯ 4-я
У лесе вялікім трывожна,
Таемна між шэптаў начных:
Цяпла раскладаці ня можна,
Ня вабіць каб зрокаў благіх.
На лапінах дрэў, за карчамі
Грамадка малойцаў ляжыць…
Хто ў зоры упёрся вачамі,
А хто завінуўся і сьпіць.
Багата турбот на Тарасе.
Ня сьпіць тых хлапцоў атаман.
Глядзіць, як па зорным папасе
Бяжыць сівавусы туман.
Вось хруснула нешта па хвоях.
Падняўся на локці Тарас,
Нашчупаў скрозь торбу набоі
З наганам прысунуў паяс.
Ды не! хто палезе уночы
На іх, малайцоў, у гушчар?
Захоча хто высмаліць вочы,
Пад волава выстаіць твар?